2009.09.06 Праздник Книги Collection home page

Logo

6 верасня ў г. Смаргоні Гродзенскай вобласці адбылося ўрачыстае свята Яе Вялікасці Кнігі – Дзень беларускага пісьменства. У горад, які размешчаны на перапляценні дзвюх рэчак Гярвяткі і Оксны, прыбыло мноства ўдзельнікаў і гасцей свята. Удзел ва ўрачыстасцях прынялі прадстаўнікі ўлады, духавенства, выдаўцы, навукоўцы, пісьменнікі, замежныя дэлегацыі, журналісты, студэнты і школьнікі, артысты... У ліку ганаровых гасцей прысутнічаў рэктар БДУ акадэмік С. В. Абламейка. Як і заўсёды свята пачалося з Божай Літургіі ў Саборы Праабражэння Гасподняга, куды прыбыла навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з нязгаснай лампадай. Пад малінавы перазвон адбылося асвячэнне Сабора, закладка Саду малітвы. На галоўнай сцэне на цэнтральнай гарадской плошчы прайшла цырымонія ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства, тэатралізаваная дзея, у якой “завіталі на свята” беларускі асветнік і паэт Францішак Багушэвіч, кампазітар, аўтар вядомага паланеза “Развітанне з Радзімай” Міхал Клеафас Агінскі, а таксама князь Хрыстафор Зяновіч, які заснаваў у Смаргоні фабрыку па вытворчасці паперы яшчэ ў ХVI ст. і меў вялікую асабістую бібліятэку. Белымі галубамі, вадзянымі фантанамі, магутным перазвонам, агнём і песняй залунала, закружыла, заверхаводзіла свята… На сцэне Летняга амфітэатра атрымалі ўзнагароды пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і Рэспубліканскага конкурсу на лепшыя творы ў паэзіі, прозе, драматургіі, літаратурнай крытыцы, дзіцячай літаратуры. Смаргоншчына – прыгожая зямля з багатымі гістарычнымі і духоўнымі традыцыямі. Крэўскі замак, радавы маёнтак Агінскіх, сядзіба ў Кушлянах, дзе жыў Францішак Багушэвіч… Ужо стала добрай традыцыяй на штогадовы Дзень беларускага пісьменства пакідаць адметныя знакі пашаны і павагі да людзей, якія сваім самаадданым служэннем Бацькаўшчыне засталіся ў гістарычнай памяці народа. Сёлета такой постаццю абраны Францішак Багушэвіч, велічны помнік якому паўстаў на беразе Оксны. Свята атрымалася вельмі маштабным. Цэнтр горада – вуліцы, плошча, старадаўні парк – былі запоўнены кніжнымі экспазіцыямі, імправізаванымі сцэнічнымі пляцоўкамі. Па-сапраўднаму працаваў “Горад майстроў”, гучалі вершы, песні, музыка... Багатая на падзеі і асобы мінуўшчына Смаргонскага краю і цяперашнія культурныя адметнасці раскрыліся перад гасцямі ва ўсёй красе. У гарадскім парку карагодзіў Фестываль кнігі і прэсы. Тут на спецыяльных пляцоўках разгарнуліся тэматычныя выставы кніг, газет, часопісаў… Свята беларускага пісьменства – своеасаблівая справаздача для творчых калектываў. Да гэтага дня ў выдавецтве БДУ рыхтаваліся загадзя. Універсітэцкая кніга, а гэта курсы лекцый, вучэбныя дапаможнікі, падручнікі, вучэбна-метадычныя комплексы, даведнікі і манаграфіі, былі размешчаны ў экспазіцыі тэматычных кніжных пляцовак “Шлях да ведаў”, “Зямля пад белымі крыламі. Году роднай зямлі прысвячаецца”, а таксама ў павільёне “Сучасная беларуская кніга” і мелі вялікі попыт у наведвальнікаў. З вялікім уздымам прайшлі прэзентацыі кніг “Сербская літаратура. Анталогія тэкстаў”, “Украінская літаратура”, “Российские и славянские исследования”, “Экология городской среды” з удзелам аўтараў БДУ І. А. Чароты і гасцей з Сербіі і Чарнагорыі літараратараў Нэвены Вітошавіч-Чэкліч і Слабадана Вуканавіча, а таксама П. І. Навойчыка, А. П. Салькова і Г. А. Семянюк. Прадстаўніча ў экспазіцыі выдавецтва БДУ выглядалі юбілейныя выпускі навуковага часопіса “Веснік БДУ”, якому сёлета споўнілася 40 гадоў, а таксама аднагодка БДУ газета “Універсітэт”, пераможца V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая літара” ў намінацыі “Найлепшая шматтыражная газета”. Узятыя для прэзентацый нумары газеты разляцеліся ўмомант: былыя выпускнікі жадалі даведацца аб навінах Alma Mater, а школьнікі цікавіліся ўмовамі паступлення ў вядучую ўстанову краіны. Віктарына “Мой універсітэт” і бяспройгрышная латарэя зацікавілі і дзяцей і дарослых, а асабліва выхаванцаў гімназіі г. п. Бараўляны Мінскага раёна, якія ўжо ў каторы раз прыязджаюць на свята са сваімі настаўнікамі. Удзел у падрыхтоўцы і правядзенні віктарыны разам з выдаўцамі прымалі работнікі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ А. В. Буціна і Н. Л. Карбановіч. Дзень беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі, дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, з сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты, часопіса.

При полном или частичном использовании материалов ссылка на сайт Электронной библиотеки БГУ (earchives. bsu.by) обязательна.

Collection's Items (Sorted by Submit Date in Descending order): 1 to 1 of 1
PreviewIssue DateTitleAuthor(s)
den_pismennostip1160079_resize.jpg.jpg6-Sep-2009Праздник Книги (7 фото)-
Collection's Items (Sorted by Submit Date in Descending order): 1 to 1 of 1
Subscribe to this collection to receive daily e-mail notification of new additions RSS Feed RSS Feed RSS Feed



Date issued