2015.09.30 “КЛУмБа” святкуе сваю першую гадавіну Статистика

Клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа” святкуе сваю першую гадавіну! Гэта падзея, якая адбылася 30 верасня 2015 года ў зале інфармацыйных рэсурсаў па навуцы і мастацтву Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, не магла застацца незаўважанай ва ўніверсітэцкім жыцці. За год свайго існавання маленькі паэтычны гурток з гучным дэвізам “Заклікаем да сябе ўсіх апантаных добрым мастацкім словам, на якой бы мове яно ні гучала” ператварыўся ў сапраўдны літаратурны клуб, які аб’яднаў студэнтаў універсітэта самых розных факультэтаў. На працягу года мы пісалі вершы, складалі і спявалі песні, разам адзначалі святы, праводзілі літаратурныя конкурсы і вечары, хадзілі ў паход, а галоўнае – мы пасябравалі. І я вельмі рада, што стала часткай гэтай дружнай літаратурнай сям’і . Свой першы дзень нараджэння клуб аматараў мастацкага слова вырашыў адзначыць ўрачыста і весела. Толькі пераступіўшы парог бібліятэчнай залы, кожны ўдзельнік для падняцця настрою атрымаў салодкую кветачку, якую напярэдадні сваімі рукамі зрабілі для гасцей клубаўцы і супрацоўнікі бібліятэкі, а таксама значок клуба – на памяць . Усё свята складалася з трох частак. У першай часцы прагучалі віншаванні клуба мэтраў беларускай літаратуры – Міхася Пазнякова, Анатоля Зэкава і Аляксандра Навумовіча. Усе яны неаднойчы бывалі ў якасці пачэсных гасцей на паседжаннях “КЛУмБы”, рэдагавалі і дапамагалі надрукаваць нашы творы ў айчынных часопісах. Карацей, добра знаёмы з нашай вясёлай і творчай арганізацыяй і яе ўдзельнікамі. А некаторыя з ўдзельнікаў за гэты год таксама сталі знакамітымі асобамі. Напрыклад, Таццяна Купрыянец, выпускніца фізічнага факультэта сёлетняга года, у якой гэтым летам выйшаў паэтычны зборнік пад назваю “Отзвуки памяти”. На нашым свяце прайшла прэзентацыя яе першай кніжкі. Таццяну асабіста і ўсіх клумбаўцаў разам павіншавалі дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Кулажанка Уладзімір Генадзевіч , загадчыца аддзела навукова-метадычнай работы Бальнова Вольга Аляксандраўна , а таксама Даніленка Любоў Іванаўна, намеснік кіраўніка літаратурнага аб’яднання “БУКет”, якое ўжо не першы год існуе пры Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў . Яны пажадалі “КЛУмБе” квітнець, знайходзіць новыя таленты і расці з кожным годам больш і больш. У другой частцы вечара клумбаўцы пад кіраўніцтвам свайго руплівага садоўніка старшыні клуба Ірыны Сцяпанаўны Шкіронак паказалі тэатралізаванае прадстаўленне, пад час якога “КЛУмБа” “ажыла”. Яе жыхары, у ролі якіх выступілі актыўныя ўдзельнікі клуба, а гэта Кацярына Роўда, Ігар Пятровіч, Аліна Масалава, Кірыл Тондзель, Таццяна Купрыянец, Анастасія Каротчыкава, Анастасія Трэшчава, Юрый Калабкоў і Аліна Карпіцкая праз вершы і песні раскрылі свае літаратурныя і артыстычныя здольнасці . Такім чынам яны пазнаёмілі са сваёй творчасцю тых гасцей, хто быў знаёмы з удзельнікамі клуба завочна, ці прыйшоў на “КЛУмБу” упершыню. Кульмінацыяй прадстаўлення стала песня Кацярыны Роўда, якая пасля ўрачыстага выканання ўсімі прысутнымі набыла тытул і назву “Гімн КЛУмБы”. Трэцяя частка свята была самая смачная, бо прайшла яна ў кавярні “Хрызантэма”, якую падрыхтавалі для нас супрацоўнікі бібліятэкі. Сталы патаналі ў кветках, яблыках, вінаградзе, апетытных бутэрбродах, салодкіх прысмаках. А ў цэнтры ўсяго гэтага быў вялікі найпрыгожы імянінны торт з выяваю кнігі, пяра, а таксама розных кветак, пчолак, матылькоў і г.д. Вакол яго мы весела вадзілі карагод пад цудоўную музыку, якую выконваў для нас на саксафоне выдатны клумбаўскі музыка Ілья Візер . У гэты вечар яшчэ доўга гучала музыка, чыталіся вершы, спявалі, вяліся сяброўскія размовы, працавалі дзве тэматычныя фотазоны: “Кніжная Вянецыя” і “Назад у СССР”, на якіх кожны жадаючы мог сфатаграфавацца ў адпаведным антуражы з неабходным рэквізітам . Усе разыходзіліся ў цудоўным настроі і жаданні абавязкова прыйсці на чарговы слёт клумбаўцаў, бо другі творчы сезон нашага неверагоднага літаратурнага аб’яднання ўжо адкрыўся!

Содержание коллекции (Отсортировано по Дате поступления в порядке убывания): от 1 до 4 из 4
Предварительный просмотрДата выпускаЗаглавиеАвторы(ы)
IMG_5003.JPG.jpg30-сен-2015Віншаванні ад намесніка кіраўніка літаратурнага аб’яднання “БУКет” Даніленка Любові Іванаўны-
IMG_4917.JPG.jpg30-сен-2015Прэзентацыя паэтычнага зборніка Таццяны Купрыянец “Отзвуки памяти”-
IMG_4914.JPG.jpg30-сен-2015Віншаванні клуба ад мэтраў беларускай літаратуры – Міхася Пазнякова, Анатоля Зэкава і Аляксандра Навумовіча-
IMG_8318.JPG.jpg30-сен-2015“КЛУмБа” святкуе сваю першую гадавіну-
Содержание коллекции (Отсортировано по Дате поступления в порядке убывания): от 1 до 4 из 4
Подпишитесь на эту коллекцию, чтобы ежедневно получать уведомления по электронной почте о новых поступлениях (для зарегистрированных пользователей) RSS Feed RSS Feed RSS Feed